Тэлефоны: (+375 17) 203 11 27
Адрас: вул. Інтэрнацыянальная, 9
побач: метро «Купалаўская»
Час працы: Штодня: 11:00 - 24:00

Гісторыю распавядае

Марына

крэатыўны менеджар

«Інтэр'ер нагадае пра рэстарацыі недзе на Маёрцы (Mallorca) або паўднёвым узбярэжжы Пірэнейскай паўвыспы»

Апошнім часам у Мінску адкрываецца ўсё больш установаў, дзе можна выдатна пабавіць час і разам з тым смачна і сытна пад’есці. Да маіх улюбёных месцаў адносіцца ў першую чаргу Tapas bar. Ён знаходзіцца ў самым сэрцы гораду і абавязкова парадуе наведвальнікаў цёплай атмасферай, выдатным абслугоўваннем і, вядома, выкшталцонай іспанскай кухняй. На ёй і спынімся падрабязней. Варта адзначыць разнастайнасць закусак, дарэчы, тапасам у Іспаніі і называюць любую закуску, што падаецца да піва або віна. Мой улюбёны тапас — хлеб з хамонам, казіным сырам і мёдам. Пра тое, чаму назоў стравы паходзіць ад слова «вечка» і чаму порцыі часам здаюцца нам маленькімі, можна пачытаць у розных гістарычных крыніцах, а я тым часам працягну.

Акрамя закусак у меню вы знойдзеце мноства салатаў, кесадыльі (las quesadillas) і традыцыйную страву іспанцаў - паэлью (paella). Апошнюю можна замовіць на дзве або на чатыры асобы, вам таксама трэба будзе абраць паміж некалькімі відамі: на прыклад, з морапрадуктамі або куранём і крэветкамі, па-валенсійску альбо па-астурыйску. Страву прынясуць у сапраўднай патэльні-паэльеры і пазычаць смачна есці (персанал сапраўды добра і ўважліва ставіцца да кліентаў). Асобна хочацца расказаць пра дэсерты — выбірайце любы і не пашкадуеце. Вінная карта ўражвае, але, калі спытаеце мяне, sangria — мой фаварыт. Хаця і разліўное піва таксама будзе выдатна пасаваць любой страве.



Столік у Тапас-бар лепш замаўляць загадзя, бо месца карыстаецца вялікай папулярнасцю ў мінчукоў. Нават калі вы прыйдзеце крыху раней за свой час, вам прапануюць пачакаць у бары, дзе гаспадарыць мілы бармэн. Звычайна ў такой сітуацыі ён ветліва цікавіцца пра вашыя алкагольныя перавагі, такім чынам вы адразу ж і без працяглых чаканняў пачнеце ваш вечар. У выходныя у адной з залаў можна паслухаць жывую музыку, якая заўсёды цудоўна дапаўняе іспанскую атмасферу. Інтэр'ер нагадае пра рэстарацыі недзе на Маёрцы (Mallorca) або паўднёвым узбярэжжы Пірэнейскай паўвыспы. Ёсць залы для наведвальнікаў, якія паляць і не паляць, улетку можна размясціцца на тэрасе. Дарэчы, пра гасцей: у бар можна прыйсці як з вялікай кампаніяй сяброў-сябровак, так і з каханым чалавекам, смачная ежа і станоўчыя эмоцыі гарантаваныя ўсім. На гэтым зычу вам ¡buen provecho¡ і buenas tardes.



Фота: Сяржук Ільін




comments powered by Disqus