«Нацыянальны мастацкі музей»

Музеі

Тэлефоны: +375 17 327-45-62
Адрас: вул. Леніна, 20
Час працы: з 11.00 да 19.00 (каса працуе: з 11.00 да 18.30) Уваход для наведнікаў: з 11.00 да 18.30 Выходны дзень: аўторак

Гісторыю распавядае

Марыя

вандроўніца

«Мабыць, гэта адзін з найвядомейшых музеяў у Беларусі, і ён носіць гэтае званне па праву, бо яго фонды налічваюць больш за 27 тысячаў твораў, якія фармуюць 20 калекцыяў і складаюць сховішча нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краінаў і народаў свету!»

Мабыць, гэта адзін з найвядомейшых музеяў у Беларусі, і ён носіць гэтае званне па праву, бо яго фонды налічваюць больш за 27 тысячаў твораў, якія фармуюць 20 калекцыяў і складаюць сховішча нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краінаў і народаў свету! Я люблю прыходзіць сюды спантанна, бо гэта асаблівае месца для мяне, месца, дзе знаходзіцца столькі ўсяго прыгожага, дзе можна хоць на нейкі час выпасці з рэальнасці…

Ведаю, што калекцыям музея давялося перажыць розныя цяжкія моманты, асабліва у пачатку другой сусветнай вайны, калі шмат было разрабавана і, у далейшым, не вернута ў музей. Усё трэба было пачынаць зноўку. Гэты этап гісторыі музея звязаны з 33-гадовай самаадданаю дзейнасцю заслужанай дзяячкі мастацтваў БССР, дырэктаркі Галерэі ад 1944 г. Алены Васільеўны Аладавай (1907 — 1986), да вайны загадніцы аддзела рускага і беларускага мастацтва. Пасля вызвалення Менску Галерэі прадаставілі чатыры пакоі Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды. Дзякуючы энергіі і запалу нешматлікіх першых супрацоўнікаў, якія працавалі самааддана, часта да глыбокай ночы, музей літаральна «паўстаў з попелу». У горадзе, які яшчэ быў у руінах, А. В. Аладава дамаглася дазволу на будаўніцтва спецыяльнага будынка для Галерэі. Не ўсе менчукі ведаюць, што дзве постаці, якія ўпрыгожваюць будынак музея, сімвалізуюць «Малярства» і «Скульптуру».

Музей мае наступныя калекцыі: Старажытнабеларускае мастацтва, Беларускае мастацтва XIX ст., Беларускае мастацтва XX ст., Рускае мастацтва XVIII — пач. XX ст., Еўрапейскае мастацтва XVI-XX ст., Мастацтва краінаў Усходу XIV-XX ст.

Што тычыцца маіх улюбёных карцінаў у музеі, іх вельмі шмат, аднак больш за ўсё ў свой ​​час мне запомніліся творы беларускага мастака Анатоля Концубы. Дужа кранальныя і казачныя творы, з укладзенай у іх менавіта беларускаю душою аўтара.

Варта зазначыць, што ў музеі нядаўна адкрылася сваё Art-cafe. Вельмі прыемна часам пасядзець за кубкам гарбаты ў асяроддзі такой прыгажосці, а заадно і паглядзець відэасюжэт пра аўтара калекцыі, якая прадстаўленая ў зале кавярні.

Настойліва рэкамендую ўсім гасцям сталіцы наведаць наш Нацыянальны музей, а калі Вы будзеце ў Менску, калі ў нас праходзіць Ноч Музеяў, то ўжо сапраўды не прапусціце візіт менавіта ў гэты музей: тут вас сустрэнуць і карціны, што ажылі, і мімы, і розныя творчыя заданні… Усяго файнага вам!




comments powered by Disqus